ТШЦІНЕ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 15—11 ст. да н.э. насялялі тэр. ўсх. Польшчы, паўн. Украіны і паўд. Беларусі. Назва ад могільніка каля в. Тшцінец (Польшча). Насельніцтва жыло на паселішчах у зямлянках і наземных жытлах слупавой канструкцыі па берагах рэк і азёр. Асн. яго занятак — земляробства і жывёлагадоўля. Вырабляла гаршкі, глыбокія міскі, кубкі, сіта- і вазападобныя пасудзіны, арнаментаваныя гарыз., дугападобнымі і касымі пракрэсленымі лініямі, ружанцавым, вусеневым і шнуравым арнаментам, а таксама бронз. кінжалы, бранзалеты, шпількі, падвескі. каменныя і крамянёвыя сякеры, наканечнікі стрэл, скрабкі і інш. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на баку ў скурчаным становішчы ў курганных і грунтавых могільніках. Сляды Т.к. трапляюцца на стаянках Здзітаў, Камень, Хомск (Іванаўскі р-н), Востраў, Горнава, Грыўковічы, Сошна (Пінскі р-н), у бас. Нёмана. Каля в. Прылукі (Брэсцкі р-н) выяўлены тшцінецкі грунтавы могільнік з абрадам трупаспалення. У межах Бел. Палесся найб. канцэнтрацыя помнікаў у нізоўях Гарыні, на берагах Прыпяці, на Тураўшчыне.

М.​М.​Крывальцэвіч.

Да арт. Тшцінецкая культура. Гліняны посуд і прылады працы, выяўленыя пры даследаванні помнікаў гэтай культуры ў Прыпяцкім Палессі Беларусі.

т. 16, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)